Дзень беларускага пісьменства
Юбілейны, дваццаць пяты Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе прайшоў ў кантэксце тэматыкі “Мая малая радзіма” ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.
Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь” Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах – цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.
Дзень беларускага пісьменства праходзіў у наступных гарадах Беларусі:
1994 – Полацк
· 1995 – Тураў
· 1996 – Навагрудак
· 1997 – Нясвіж
· 1998 – Орша
· 1999 – Пінск
· 2000 – Заслаўе
· 2001 – Мсціслаў
· 2002 – Мір
· 2003 – Полацк
· 2004 – Тураў
· 2005 – Камянец
· 2006 – Паставы
· 2007 – Шклоў
· 2008 – Барысаў
· 2009 – Смаргонь
· 2010 – Хойнікі
· 2011 – Ганцавічы
· 2012 – Глыбокае
· 2013 – Быхаў
· 2014 – Заслаўе
· 2015 – Шчучын
· 2016 – Рагачоў
· 2017 – Полацк
Юбілейны дваццаць пяты Дзень беларускага пісьменства у 2018 годзе пройдзе ў кантэксце тэматыкі “Мая малая радзіма“ у горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.
Штогадова ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел вышэйшыя афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі міністэрстваў, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі.
За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта – тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі.
Сярод асноўных мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства:
– урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, заснавальнікамі якога з’яўляюцца грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, іншыя зацікаўленыя;
– “круглы стол” з удзелам замежных паэтаў і пісьменнікаў, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”;
– навукова-практычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых устаноў нашай краіны;
– узнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, накіраванага на павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых прыкладах нацыянальнай літаратуры, пошук і падтрымку таленавітай моладзі. Заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне”, ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Юбілейны, 25-ты Дзень беларускага пісьменства адзначылі ў Іванаве. Чаму менавіта гэты палескі гарадок абралі сёлета сталіцай яркага культурнага свята? Гэта здарылася невыпадкова, а дзякуючы багатым традыцыям і гісторыі. Па дарогах Іванаўшчыны ў XV стагоддзі гуляла каралева Бона; вёска Моталь – радзіма першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана; тут у 1807 годзе нарадзіўся вядомы ва ўсім свеце паэт, мастак, кампазітар Напалеон Орда. Іванаўская зямля ўскарміла і нямала знакамітых песняроў беларускага слова.
Свята разгарнулася на 2 дні. За гэты час адбылося шмат цікавых мерапрыемстваў.
Сюды прыбыла рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным Агнём ад гроба Гасподняга. Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі, перадаючы эстафету свята гораду Слоніму Гродзенскай вобласці, заўважыў, што слова беларускае не толькі заўсёды несла людзям культуру, але і з’яўлялася міратворцам, крыніцай мудрасці.
Пра тое, што трэба жыць з любоўю да роднага слова, гаварыў і міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Падтрымала калегу першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, якая зазначыла, што захаваць мову – задача сучаснага пакалення. З гэтай мэтай і праводіцца кожны год Дзень беларускага пісьменства.
Падчас адкрыцця помніка “Іванава слова” губернатар Брэстчыны Анатоль Ліс падкрэсліў, што ён – на памяць аб свяце ўсім іванаўцам, бо яны прыклалі шмат намаганняў, каб горад дастойна сустрэў гасцей. А іх прыехала, трэба сказаць, нямала, прычым не толькi з нашай краіны. Разам беларускія і замежныя літаратары сабраліся за “круглым сталом”, дзе абмеркавалі развіццё мастацкай літаратуры.
Уразіў сваёй шырынёй і Фестываль кнігі і прэсы, у межах якога прайшлі прэзентацыі лепшых выданняў мастацкай і вучэбнай кнігі, дзіцячай літаратуры, аўтограф-сесіі, калі вядомыя пісьменнікі і паэты падпісвалі жадаючым набытыя выданні.
Прыцягваў увагу і друкарскі дворык XVI стагоддзя, дзе можна было паглядзець, як выдаваліся кнігі ў той далёкі час.
Самымі актыўнымі наведвальнікамі выставы “Беларускі буквар: сувязь пакаленняў”, прысвечанай 400-годдзю першага ў свеце выдання пад назвай “Буквар”, былі школьнікі і… пажылыя людзі. “Што вас тут зацікавіла?” – пытаюся ў жанчыны, якой не меней 80 гадоў.
– Я – мясцовая жыхарка, вось зайшла глянуць, што тут робіцца, – расказвае Ганна Крыштаповіч, у мінулым педагагічны работнік. – Ведаеце, нават праслязілася, гледзячы на ўвесь гэты кніжны скарб, на шыкоўныя буквары. Памятаю сваё дзяцінства. Чытаць вельмі любіла, але такіх кніг нават у руках не трымала. Набыла некалькі кніжак для сваіх праўнучак.
Затрымлівацца на адным месцы не было калі: вакол працавала шмат тэматычных пляцовак. Але і хутка перайсці з аднаго месца на другое не ўдавалася аніяк, бо розныя цікавасці адцягвалі ўвагу.
Тут і выстава малюнкаў члена Беларускага саюза мастакоў Алега Карповіча, і выстава галаграм старадрукаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі “Іванаўскія чытанні”. Выставы-продажы беларускіх прадпрыемстваў заманьвалі вялікай колькасцю тавараў.
Сувеніры і патрэбныя рэчы можна было купіць і ў майстроў Брэстчыны. Напрыклад, Iванаўская школа бандарства не толькi прадставіла свае вырабы: рамеснікі актыўна давалі парады, як імі карыстацца, каб доўга служылі.
Каля іх можна было б надоўга затрымацца, калі б не вулічныя музыкі і смех, які стаяў каля лабурскай карчмы: карцела даведацца, што адбываецца.
А там ішло тэатралізаванае прадстаўленне “Запрашаем да Мэйты” – вельмі крэатыўнай, кажучы сучаснай мовай, жанчыны-лабуркі.
Пачакайце, вы не ведаеце, хто такія лабуры? Значыць, вы ніколі не былі на Іванаўшчыне. Бо калі б хоць раз наведаліся, вам абавязкова расказалі б, што гэта мясцовыя жыхары, якія валодалі асаблівай мовай, былі добрымі прадпрымальнікамі, дзякуючы чаму жылі заможна і выклікалі зайдрасць у астатніх. Яшчэ і сённня жыхары горада дзеляцца на іванаўцаў і лабураў.
Шмат чаго цікавага можна расказаць пра апошніх, але, прабачце, ужо гучаць фанфары – распачынаецца Рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў “Мы – разам!”. А гэта значыць, што будзе шмат музыкі і песень.
Свята закончылася ўжо прыцемкам, у 22 гадзіны, вялікім канцэртам, у якім бралі ўдзел майстры мастацтваў. Але ўсе ўдзельнікі 25-га Дня беларускага пісьменства зазначалі, што свята мовы не мае заканчэння, яно павіна панаваць у жыцці паўсядзённа…
У наступным годзе гасцей культурнага свята, прысвечанага мове і прыгожаму пісьменству, прыме Слонім.